ПАДРЫХТАВАНЫЯ ДЫКТАНТЫ
4 чвэрць
Жаўруковая песня
У высокім небе звінеў жаўрук. Яго песня была бадзёрая і шчодрая. Яна гучала зусім блізка. Гэта прымусіла мяне спыніцца, падняць галаву і шарыць вачыма па паднябессі. Жаўрук нібы вісеў на нябачнай нітачцы. Птушка няспынна перабірала сонечныя промні сваімі крыламі. Унізе беглі машыны, а ў блакітнай прасторы неба ўсё звінеў і звінеў дзіўны званочак. Побач са мной прыпыняліся людзі. Птушка дарыла нам сваю песню.
Напрадвесні
Зіма ўжо канчаецца. Настаюць пагодныя дзянькі. Цёплае сонейка абуджае прыроду. Адтае зямля. Дрэвы і расліны п’юць свежы сок. Паветра напоўнілася пахам хвоі.
Хутка з выраю прыляцяць шпакі. Да сустрэчы з імі рыхтуюцца дзеці і дарослыя. Яны зрабілі і павесілі ў садзе шпакоўні.
Раптам пракаціўся над зямлёю першы гром. З вялікай чорнай хмары хлынуў дождж. Вясна ідзе!
Пчаліны гарадок
Усю зіму пчолы праводзяць у вуллях з пахучым мёдам. Гэты мёд пакінуў ім клапатлівы, добры пчаляр.
Пчолы не ўпадаюць у зімовую спячку, а толькі дрэмлюць. Зімой ім таксама патрэбна ежа, але здабываць яе няма дзе.
Але вось зіма скончылася. Наступіла вясна. Пчолы пачалі выпаўзаць і грэцца на сонейку. Яны прыбіраюць пасля зімоўкі свой домік, рыхтуюцца да працы ў летнія дні. Потым пчолы адправяцца ў сады, у лясы, на палі.